Гісторыя

Першае ўпамінанне пра населены пункт Дарогі датуецца 1524 годам.

З канца X стагоддзя землі сучаснага раёна ўваходзілі ў склад Тураўскага ўдзельнага княства, а з XIII стагоддзя - у склад Вялікага Княства Літоўскага. З 1395 па 1612 гады землі нашага краю знаходзіліся ў валоданні князёў Алелькавічаў. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай яны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Пасля адмены ў 1861 годзе прыгоннага права памешчыкі адкрывалі тут фабрыкі. Так, быў заснаваны смола-шкіпінаравы завод, пабудавана лесапілка, а 28 снежня 1896 года быў запушчаны першы цягнік да станцыі Старыя Дарогі.

З канца 1904 да вясны 1905 гг. тэрыторыя раёна была ахоплена рэвалюцыйным рухам. У лістападзе 1917-га тут ўсталявалася савецкая ўлада. 1918-1920-ы - гады Грамадзянскай вайны, нямецкай і польскай акупацыі.

17 ліпеня 1924 года была створана самастойная адміністрацыйна - тэрытарыяльная адзінка - Старадарожскі раён у складзе БССР.

З 27 чэрвеня 1941-га па 28 чэрвеня 1944-га раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За гэты час расстраляна, павешана, спалена жывымі больш за 6000 старадаражан. На франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах змагалася больш за 5000 ураджэнцаў раёна. Пасля вызвалення Старадарожчыны ад фашысцкага нашэсця была створана Бабруйская вобласць, у якую ўвайшоў і наш раён.

30 ліпеня 1966 года на тэрыторыі, перададзенай раней Слуцкаму раёну Мінскай вобласці, раён адноўлены з цэнтрам у горадзе Старыя Дарогі.

 

ВАЖНЕЙШЫЯ ДАТЫ Ў ГІСТОРЫІ СТАРАДАРОЖЧЫНЫ

 

1524 г. - першае пісьмовае ўпамінанне аб мястэчку Дарогі, пазней-Старыя Дарогі

1582 г. - у складзе Слуцкага ўдзельнага княства

Сярэдзіна 17 стагоддзя - цэнтр Дарожскай воласці Слуцкага ўдзельнага княства, валодання князёў Радзівілаў

1862 г. - працуе Навадарожская школа

1871 г. - памешчык Гогенлоэ заснаваў смалакурны завод.

1896 г. - пачала дзейнічаць чыгунка Асіповічы-Старыя Дарогі

1904 г. - у Старых Дарогах і вёсцы Вярхуціна пабудаваныя лесапільныя заводы

1917 г. – мірным шляхам ўстаноўлена Савецкая ўлада

У гады Грамадзянскай вайны Старадарожчына была двойчы акупаваная: кайзераўскай Германіяй (1918 г.) і польскімі легіянерамі (1919 -1920 гг.)

1921 г. - Старыя Дарогі-цэнтр воласці Бабруйскай акругі

1924 г. - утвораны Старадарожскі раён

1926 г. - у Старых Дарогах 1800 жыхароў

1930 г. - адкрыта першая ў раёне МТС

27 мая 1931 г. - выйшаў першы нумар раённай газеты "За калектывізацыю»

27 чэрвеня 1941 г. - Старадарожчына акупавана фашысцкай Германіяй

28 чэрвеня 1944 г. - раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

4 ліпеня 1944 г. - аднавіў працу Старадарожскі раённы выканаўчы камітэт і 14 сельскіх саветаў

1962 г. - Старадарожскі раён ліквідаваны. Большая частка тэрыторыі перададзена Слуцкаму і Асіповіцкаму раёнам

1966 г. - Старадарожскі раён - самастойная адміністрацыйная адзінка на тэрыторыі, якая была выдзелена з Слуцкага раёна

1992 г. – асвоены выпуск мінеральнай вады «Стародорожская»

1996 г. - зацверджаны герб г. Старыя Дарогі

10 ліпеня 2001 г. - урачыстае адкрыццё Палаца культуры ў г. Старыя Дарогі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка