На досвітку на месцы баёў 121-й дывізіі прайшла акцыя памяці

Дэлегацыя раённага актыву пакланілася подзвігу абаронцаў радзімы на світанку ля мемарыялу воінам 121-й стралковай дывізіі ў лесе пад Сіняговам. Тут у першыя дні вайны да апошняга патрона змагаліся чырвонаармейскія часці, заціснутыя ў абцугі пераўзыходзячых сіл вермахта.

Месца і час акцыі памяці выбралі не выпадкова.

Так, каб быць бліжэй да іх — салдатаў і афіцэраў, якія безыменнымі засталіся ляжаць пад стромкімі соснамі і сваёй крывёю сілкаваць іх карані.

Каб глыбей, да самага донца душы, дасягнула пранізлівае адчуванне бяды, якая напаткала нашых родных у 1941-м, і праз час мы прынялі на сябе хаця б адлюстраванне гэтага болю.

І каб мацней за гэту горыч было захапленне мужнасцю, сілай і веліччу ваеннага пакалення. 

У складзе дэлегацыі — старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзевяцень, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Каролька, благачынны прыходаў раёна Ігар Кручко, камандзір 8 Варшаўскай брыгады РХБА Антон Мікула, начальнік асобнай групы Слуцкага ваеннага камісарыята Ігар Ваўчуга, прадстаўнікі грамадскасці.   

Роўна ў 4 гадзіны раніцы ў лясной цішыні ля мемарыялу загучалі словы смутку, гонару і ўдзячнасці.

Мы згадалі подзвіг байцоў, якія з першых дзён з баямі адступалі ад Слоніма, прыкрываючы адыход чырвонаармейскіх часцей. Перагарнулі гераічныя старонкі гісторыі 121-й дывізіі (яна амаль поўнасцю загінула, але здолела вынесці з акружэння свой баявы сцяг, і гэта дазволіла ёй аднавіцца і працягваць потым барацьбу з ворагам). Запалілі мноства свечак па абрысе лічбы “1941” і ўсклалі снапы сініх палявых валошак да магіл чырвонаармейцаў.

Айцец Ігар малітвай памянуў воінаў, якія паклалі сваё жыццё за свабоду Айчыны і сваіх таварышаў па зброі. 

Ваеннаслужачыя аддалі даніну памяці салдатам сорак першага збройным залпам. Стрэлы гулка разнясліся ў лясной цішыні, патрывожыўшы яе ўпершыню за восем дзесяцігоддзяў і нібыта нагадваючы: мір — багацце, мір — найвялікшы скарб, мір — Божае благаславенне. Няхай яно заўжды будзе з Беларуссю.

СТАРОДОРОЖСКИЙ РАЙОННЫЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ