
Выставачная зала Цэнтра рамёстваў зноў гасцінна адчыніла дзверы перад прыхільнікамі старадаўняга народнага рамяства — ткацтва. На гэты раз у цэнтры ўвагі — майстры па вырабе паясоў, прычым не толькі тканых, але і плеценых. Яны сабралі свае лепшыя работы на выставе “Пояс — нітка лёсу”, куды завіталі і мы.
Тут прадстаўлена больш за сотню разнастайных паясоў, і ні адзін па ўзоры не падобны на другі. Мода на пояс ніколі не праходзіць, асабліва на такі — самаробны. Гэты элемент вопраткі абавязкова выдзяліць чалавека ў натоўпе, падкрэсліць яго постаць і падорыць добры настрой.
Яшчэ зусім нядаўна на Старадарожчыне ўвогуле не вырабляліся паясы, аднак, супрацоўнікі Цэнтра аднавілі шматлікія арыгінальныя мясцовыя ўзоры. У 2006 годзе ім удалося атрымаць каштоўныя веды па стварэнні паясоў ад Праскоўі Кірэеўны Усік з вёскі Баранава, якія потым былі дапоўнены Наталляй Дзмітрыеўнай Канановіч. Зараз створана дастойная калекцыя традыцыйных паясоў дзякуючы мясцовым майстрам-прафесіяналам — народнаму майстру Беларусі Галіне Бураўцовай, Валянціне Спадар, Таццяне Астроўскай, Маргарыце Арцем’евай, Ніне Пархімовіч. У 2017 годзе створана студыя па вырабу паясоў “Лянок”. Працягваюць народнае рамяство восем дзяўчат пад кіраўніцтвам Анастасіі Кухты.
Источник: Навiны старадарожчыны