Рэспубліканскі конкурс “Спрадвечнае заўтра”

Збанок, спарыш, смятаннік, гляк — усё гэта яшчэ паўвека таму можна было знайсці на стале кожнай сялянскай хаты. Нашы продкі самі рабілі гліняны посуд, які служыў ім паўсядзённа. Зараз месца старадаўняга народнага посуду занялі фабрычныя, аднолькавыя, быццам блізняты, і ўпрыгожаныя на любы густ талеркі і кубкі. Але сапраўднае народнае мастацтва не забытае. Яму далі другое жыццё навучэнцы студыі “Гліняныя дзівосы”, што шмат гадоў існуе ў цэнтры дзіцячай творчасці “Святліца”.

Злеплены дзіцячымі рукамі гліняны посуд прынёс таленавітым старадаражанам трумф на рэспубліканскім узроўні: яны сталі дыпламантамі прэстыжнага конкурсу “Спрадвечнае заўтра”.

Рэспубліканскі конкурс “Спрадвечнае заўтра” — гэта вялікі праект, які глыбока па-гружае юных удзельнікаў у беларускую нацыянальную культуру, знаёміць з яе каранямі і здабыткамі. У конкурсе ўдзельнічаюць толькі лепшыя творчыя студыі краіны — і таму перамога ў ім цэніцца так высока: стаць першым сярод першых марыць кожны творца.

Спаборнічалі толькі лепшыя

Народны, узорны, заслужаны… У кожнага калектыву — удзельніка конкурсу — маецца доўгі спіс дасягенняў і перамог, а таксама гучнае званне. Ёсць яно і ў старадаражан: наша студыя “Гліняныя дзівосы” даўно мае найменне “ўзорнай”. І яна поў-насцю падцвярджае сваё званне: зазірнуўшы ў кабінет для заняткаў, заміраеш у захапленні: колькі прыгожых, цікавых, вытанчаных гліняных вырабаў упрыгожвае паліцы! Тут і птушачкі-свістулькі, і калядныя пано, і старадаўні бабульчын посуд, і жывёлы, і персанажы казкі… Усё — з гліны, якую тут жа спрытна размінаюць паміж пальцаў маленькія ўдзельнікі студыі. Застаецца только са здзіўленнем назіраць, як нараджаецца чарговы выраб. Тут займаюцца 65 хлопчыкаў і дзяўчынак. Але і ў студыі “Гліняныя дзівосы” ёсць свае зорачкі. Такія, напрыклад, як прызёры рэспубліканскага конкурсу “Спрадвечнае заўтра” Хрысціна Боган, Сафія Качан, Варвара Прымачэнка і Дзіяна Скраблевіч.

Наша “фішка” — гліняны посуд

На конкурс патрэбна было прадставіць не проста лепшыя вырабы: ад удзельнікаў чакалі сур’ёзнага мастацкага праекта, са сваёй ідэяй і непаўторнасцю. Чым здзівіць журы, дзяўчаты разам з педагогам Вольгай Поршневай вырашылі цвёрда: частка штодзённай культуры нашых бабуль і дзядуль, іх побыту — гэта гліняны посуд. На яго і зрабілі стаўку. Беларуская кераміка мае багатую гісторыю. Для конкурсу выбралі гаспадарчы посуд: ён не адзабляў інтэр’ер сялянскай хаты, не меў вытанчанасці, але суправаджаў кожны дзень беларускага жыцця, быў верным спадарожнікам і памочнікам на кухні.

— Мы хацелі паказаць, што нават гэтыя простыя гліняныя пасудзіны маюць мастацкую вартасць, сваю гісторыю, свой вобраз. Гэта наша спадчына, вялікая частка бытавой культуры. Так узнікла ідэя стварыць посуд, які вызначаўся б жывасцю, быў сапраўды рукатворным: на ім ясна бачны сляды стыкоў гліняных жгутоў, умяціны і адбіткі пальцаў, ёсць ледзь прыкметная асімерыя… У гэтай простасці і жыццёвай праўдзівасці, вяртанні да вытокаў і была наша ідэя, — расказвае кіраўнік праекта Вольга Поршнева.

Збанкі ляпілі ўручную

Юныя аўтары праекта “Гаспадарчы посуд: погляд у мінулае” наведваюць заняткі ў студыі ўжо не першы год, таму добра знаёмыя з гісторыяй керамікі. Даўно пакарылася ім і гліна: з-пад іх рук выходзяць выдатныя статуэткі, пано, сюжэтныя кампазіцыі. Дзяўчаты ўжо ўдзельнічалі ў выставах і конкурсах. Здавалася, праца над праектам будзе лёгкай і хуткай. Але юныя старадаражанкі аказаліся дапытлівымі: каб дакладна ўвасобіць у жыццё сваю ідэю, яны сталі вывучаць традыцыйныя тэхнікі ручной лепкі. Стала ясна, што сапраўдны беларускі посуд патрэба выканаць у самай старажытнай, самай што ні на ёсць народнай манеры — тэхніцы кальцавога і спіральнага налепу жгутоў. Гэтай традыцыі шмат вякоў: яна існавала яшчэ з часоў палеаліту. І нават у першай палове 20 стагоддзя на Беларусі ў кожнай сялянскай хаце былі менавіта такія збанкі і глякі.

Вырабы ўпрыгожвалі малаком

Дружна ўзяліся за справу. Сафія Качан вылепіла смятаннік — ён меў носік-лейку і быў патрэбен для падачы на стол смятаны і масла — і сапраўдную, беларускую, шырокую і прыземістую кружку (нашы продкі не паважалі невялікія кубачкі).

Збанок, які дапамагае малаку не скіснуць у спёку і не нагрэцца ў гарачыню, зрабіла Хрысціна Боган. Яшчэ адна яе рэч — гляк: шарападобны прадмет з вузенькай гарлавінай прызначаўся для квасу, вады, алею.

Варвара Прымачэнка ўзялася за місачку і спарыш, старажытны беларускі посуд. Гэта два злепленыя між сабой гаршчочкі з крышкамі і ручкай-дугой. У адзін налівалі суп, у другі клалі кашу — і неслі абед жнеям ці касцам.

Вялікая агульная міска з шырокімі расхіленымі берагамі, з якой ела адразу ўся сям’я — работа Дзіяны Скраблевіч.

Упрыгожылі гліняны посуд таксама незвычайным і старажытным спосабам — малачэннем. Раней абпалены тэракотавы посуд акуналі ў малако, якое пранікала ў поры чарапка і пакрывала яго паверхню тонкаю плёнкай адцення цёмнага шакаладу. Дадаць народны дэкор — атрымаецца сапраўдны “кухонны” шэдэўр!

“Мы паспрабавалі дакрануцца да мінулага” 

На рэспубліканскім конкурсе праект старадаражан вылучаўся сваёй непаўторнасцю, аўтэнтычнасцю. Журы прысудзіла старадарожскім творцам трэцяе месца. А гліняны посуд іх аўтарства заняў пачэснае месца на мастацкай выстаўцы ў Мінску.
— Ствараючы мастацкі праект, мы паспрабавалі дакрануцца да мінулага, яшчэ раз пераканаліся ў прыгажосці і моцы культурнай спадчыны беларусаў, а праз работу з глінай — уні-кальным прыродным матэрыялам — нават адчулі энергетыку нашых продкаў, — дзеляцца ўражаннямі Вольга Поршнева і яе выхаванцы. Гэтая перамога для іх вельмі значная, але дакладна не апошняя: у юных майстроў і іх педагога шмат цікавых задумак і творчых планаў, якія павінны прынесці ім яшчэ шмат момантаў заслужанай славы.

СТАРОДОРОЖСКИЙ РАЙОННЫЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ